Беларусы запускаюць праект Sonora — гэта ініцыятыва па стварэнні якаснага аўдыядатасэта для беларускай мовы, які стане асновай для развіцця тэхналогій сінтэзу маўлення. Гэта дапаможа ствараць аўдыякнігі, рабіць агучку для дадаткаў і не толькі. Расказваем.
Падтрымаць праект можна па спасылцы.
Сёння беларуская мова амаль не прадстаўлена ў свеце галасавых і AI-тэхналогій, адзначаюць стваральнікі праекта. А без якасных дадзеных яе развіццё ў гэтым кірунку застаецца абмежаваным.
Вырашыць гэтую праблему і збіраецца Sonora — ініцыятыва па стварэнні якаснага аўдыядатасэта для беларускай мовы. Датасэт — гэта набор студыйных аўдыязапісаў, на якіх будуць навучацца мадэлі сінтэзу маўлення. Менавіта ён вызначае, як будзе гучаць мова: ці будзе яна натуральнай і жывой, або механічнай і «робатнай».
Плануецца, што такая база стане асновай для развіцця тэхналогій сінтэзу маўлення. Гэта дазволіць з’явіцца натуральнаму гучанню беларускай мовы ў сучасных тэхналогіях: дадатках, аўдыякнігах, адукацыі і AI-прадуктах.
Каманда плануе падрыхтаваць тэксты разам з лінгвістамі, якія потым агучаць прафесійныя дыктары. Потым дадзеныя апрацуюць і падрыхтуюць для далейшага выкарыстання.
На такі праект трэба 13 тысяч еўра, разлічваюць у камандзе. Каб сабраць гэтую суму, яны адкрылі збор — падтрымаць яго можна па спасылцы.






